ХРОНІКІ ПАРУШЭННЯЎ

НА ПЛАТФОРМЕ ГРАМАДЗЯНСКАГА НАЗІРАННЯ ЗА ВЫБАРАМІ 2015

ELECTBY.ORG

12.11.2015 г.

У перыяд з 1 верасня па 11 кастрычніка 2015 г. на платформу грамадзянскага маніторынга за выбарамі Electby.org паступіла 1 299 паведамленняў ад назіральнікаў і выбарцаў з усіх куткоў Беларусі,што больш, як у два разы перавышае колькасць сведчанняў пра парушэнні, якія мы атрымалі цягам мінулай прэзідэнцкай кампаніі 2010 года.

 

Гэта другія прэзідэнцкія выбары, якія маніторыў Electby, але ўпершыню гэта рабілася ў шчыльнай супрацы з назіральнікамі, што вывела мапу маніторынга на прынцыпова новы ўзровень. Выкарыстанне новых тэхналогіяў, правераная метадалогія і тытанічная праца назіральнікаў на сотнях ўчасткаў для галасавання разам далі больш поўную і аператыўную карціну парушэнняў.

 

Найбольшую колькасць паведамленняў мы атрымалі менавіта ад назіральнікаў. Адпаведна, абсалютная большасць атрыманай у гэтую выбарчую кампанію інфармацыі – гэта правераныя, вартыя даверу паведамленні, якія мы візуалізавалі на мапе, разбіваючы іх на адпаведныя катэгорыі.


Рэкардсменам па колькасці атрыманых паведамленняў стала катэгорыя  “Не забяспечана належнае захаванне скрыні датэрміновага галасавання”(458 сведчанняў). Папулярнымі катэгорыямі сёлета быліНядопуск да назірання” (265 сведчанняў) іПрымус выбаршчыкаў да датэрміновага галасавання” (71 сведчанне).

Новай рысай на Electby-2015 стаў графік яўкі выбарцаў на звыш як 100 выбарчых участках Мінску з першага дня датэрміновага галасавання і ўласна ў дзень выбараў. Афіцыйныя дадзеныя ад выбарчых камісій (чырвоны слупок) параўноваліся з інфармацыяй, атрыманай ад назіральнікаў кампаніі “Права выбару” (зялёны слупок). У Мінску пражывае амаль адна пятая ўсіх выбаршчыкаў, а дадзеныя па яўцы фіксаваліся практычна на кожным пятым участку сталіцы. Такім чынам, наш графік штодня даваў дынамічнае і візуалізаване ўяўленне пра небывалыя дагэтуль тэмпы і маштабы  датэрміновага галасавання, а таксама несупадзенні паміж афіцыйнымі і рэальнымі лічбамі.  

 

Яўка - гэта адзінае, што можа дакладна ўбачыць і зафіксаваць назіральнік. Зараз у Беларусі назіральнікі фактычна выключаныя з працэсу кантролю падліку галасоў, але ў той жа час менавіта яны могуць палічыць колькі чалавек прыйшло галасаваць, і разыходжанні ў яўцы па дадзеных назіральнікаў і афіцыйных дадзеных станавілася ўсё больш важным пытаннем.

Гэта зразумелі і ўлады. На жаль, колькасць участкаў, з якіх мы атрымлівалі альтэрнатыўныя дадзеныя змяншалася штодня (малюнак ніжэй). Звязана гэта з тым, што назіральнікаў пазбаўлялі акрэдытацыі ці не давалі магчымасці здзяйсняць назіранне. Так у першы дзень датэрміновага галасавання мы атрымалі інфармацыю са 129 мінскіх участкаў, а ўласна ў дзень выбараў - толькі з 83. Сведчанні аб перашкодах у працы назіральнікаў па ўсёй краіне рэгулярна дасылаліся і на мапу парушэнняў, дзе яны адлюстраваныя ў адпаведных катэгорыях.

Явка в Минске 2015 | Create your own infographics

Тэхнічнай навінкай гэтай выбарчкай кампаніі стала праграма для платформы Android «Вочы», распрацаваная адмыслоўцамі ў супрацоўніцтве з кампаніямі «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка», «Права выбару» і «Праваабаронцы за свабодныя выбары». З’яўленне такой праграмы адпавядае патрабаванням часу, бо ў Беларусі значна вырасла колькасць актыўных карыстальнікаў смартфонаў. «Вочы» павінны былі пашырыць веды грамадзян Беларусі аб выбарчым працэсе, стаць зручным інструментам для фіксацыі парушэнняў на выбарах звычайнымі выбаршчыкамі, зрабіць выбарчы працэс больш празрыстым і садзейнічанць павелічэнню колькасці назіральнікаў ды павышэнню якасці назірання за выбарамі Беларусі.

 

Нягледзячы на тое, што “Вочы” былі распрацаваныя перад самымі выбарамі і мы не мелі часу на належную раскрутку, праграму ўсталявалі 1 468 карыстальнікаў смартфонаў. Ад іх мы атрымалі 47 паведамленняў, якія былі змешчаныя на мапе парушэнняў. Мы плануем дапрацаваць і надалей выкарыстоўваць яе падчас наступных электаральных кампаніяў.

 

Пра  “Вочы” напісалі многія беларускія медыі. Інтарэс да новай праграмы быў даволі высокім. Не абыйшлося без кур’ёзаў. Былі спробы закінуць праз яе і ліпавыя паведамленні. Напрыклад,  прыйшло паведамленне пра прымусовы загон студэнтаў БДЭУ галасаваць датэрмінова. Але дзякуючы таму, што “Вочы” аўтаматычна фіксуе геалакацыю, па якой можна вызначыць, адкуль было дасланае тое ці іншае паведамленне, мы пабачылі, што прыйшло гэтае паведамленне з БелТА. Зрэшты, нельга выключаць, што хтосьці ў БелТА вырашыў нам даслаць сведчанне пра сапраўднае парушэнне.

 

Адна з перавагаў і найважнейшых функцыяў мабільнай прылады “Вочы” была магчымасць сфатаграфаваць ці зняць на відэа факты парушэнняў і даслаць мультымедыйны доказ непасрэдна на Электбай. Гэта нашмат паскарае верыфікацыю такіх дадзеных. І сапраўды, сярод сведчанняў, якія мы атрымлівалі праз гэтую прыладу, былі доказы незаконнай агітацыі за дзеючага кіраўніка дзяржавы. Таксама мы атрымалі відэасведчанне таго, як камісія забараніла назіральніку весці фота і відэа здымку.


Але рэкардсменам па колькасці праглядаў стала паведамленне, якое мы атрымалі яшчэ да пачатку датэрміновага галасавання. Праз форму на сайце нам даслалі копіі электронных лістоў з Віцебскага абкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У іх штатным супрацоўнікам мясцовых арганізацый БРСМ даюцца інструкцыі, якія каменты размяшчаць пад тымі ці іншымі артыкуламі ў беларускіх СМІ. «Па гэтых каментарах патрэбны скрыншоты» — вялікімі літарамі нагадвае ліст з абкама БРСМ, патрабуючы ад мясцовых троляў дакументальныя пацверджанні дзейнасці. Гэтае паведамленне разляцелася па незалежных СМІ, якія актыўна карысталіся дадзенымі Электбай.

Што тычыцца сацыяльных медыяў, то хэштэг #electby актыўна выкарыстовываўся як традыцыйна ў Твітэры, так і ў Фэйсбуку. Упершыню хэштэг #electby з'явіўся ў якасці эксперыменту ўвесну 2010. Хэштэг прыжыўся і выкарыстоўваўся падчас наступных выбарчых кампаніяў. Сёлета за месяц прэзідэнцкай кампаніі было зроблена 8 210 твітаў з хэштэгам #electby. Менавіта гэты хэштэг актыўна выкарыстоўваўся як мэдыямі (у тым ліку Радыё Свабода, Еўрарадыё і нават БелТА), так і звычайнымі карыстальнікамі Twitter.